Белавежская пушча. Унiкальная ява нашых дзён.
Белавежская пушча… Калыска і жывы летапіс самой матухны Прыроды. Невядома калі напісана яго першая старонка, але ж дакладна вядома: такой скарбніцы на Зямлі больш няма. Невыпадкова Белавежская пушча занесена ЮНЕСКА ў спіс найбольш значных аб’ектаў Сусветнай спадчыны як прыродны феномен і прастора выключнай прыгажосці і эстэтычнайважнасці. Яна ў адной кнізе Чалавецтва поруч з Егіпецкімі пірамідамі, Кітайскай сцяной і Маскоўскім Крамлем… Галоўнае прызначэнне пушщы і яе мэта – у натуральных умовах прыроднага комплексу захаваць усе віды расліннага і жывёльнага свету, па-навуковаму – генафонду.
Шкоду і крыўду, што наносілі пушчы стагоддзямі, чалавек урэшце зразумеў і пачаў яе аберагаць і аднаўляць. Зараз Белавежа займае больш за 150 тысяч гектараў, размяшчаецца на тэрыторыі Беларусі (Брэсцкай і Гродзенскай вобласці), а таксама Польшчы. Пушча стала сапраўднай лабараторыяй пад адкрытым небам. Тут створаны ўсе умовы для захавання эталонных і рэдкіх аб’ектаў прыроды, іх навуковага вывучэння, правядзення разнастайных даследаванняў у ахове навакольнага асяроддзя, правільнага прыродакарыстання і экалагічнай асветы. Пушча прыхільна сустракае сотні тысяч гасцей. Яны едуць і едуць сюды, каб на свае вочы ўбачыць непаўторную прыгажосць і гармонію ацалелай прыроды. Частка яе скарбаў прадстаулена у музеі. Гэтая багатая калекцыя вельмі рэдкіх экспанатаў заўжды адкрыта перад новымі дапытлівымі наведвальнікамі, каб яны любаваліся казачным хараством прыроды, паважалі і шанавалі яе скарбы, як саміх сябе, як усе жывое, як само жыццё.
Ёсць у пушчы такія запаведныя ўчасткі, куды не ступала нага чалавека, дзе усё адбываецца выключна толькі па законах прыроды. Найбольшую плошчу займаюць дзікарослыя лясы (88% тэрыторыі) – бары, ельнікі, дубравы, узрост якіх сягае далека за сотню гадоў. Захаваліся дрэвы-гіганты: хвоя (350 гадоу, вышыня 35 м), елка (200 гадоў, 52 метра), дуб (500 гадоу, дыяметр звыш 190 см) і інш. Тры пятыя дрэвастою старэйшыя за 200-гадовы ўзрост. Багацце фауны – 59 відау млекакормячых, 11 – земнаводных, 7 – паўзуноў, 28 відаў рыб, 8,5 тысяч насякомых. Гонар пушчы, безумоўна ж, зубр. Вось як хораша пра яго апавядае Уладзімір Караткевіч: «А зубр – слава і галоўная прыкмета пушчы – можа вываліць рагамі частакол з бярвенняў, дагнаць на лясной дарозе матацыкл. Толькі ён рэдка гэта роіць. Зубр, як кожны, хто мае праўдзівую сілу, рахманы і добры звер. Праўда, ёсць адно правіла. Не чапай яго. «Раз я у пушчы гаспадар, то няма чаго да мяне лезці. Вы толькі людзі. А я памятаю бойкі з мамантамі. Я люблю пахучую траву зуброўку, у мяне прыгожыя плюшавыя цяляты. I даражэй за ўсё мне чыстая вада, чыстае паветра і свабода. У любові да яе я ваш брат». Так, зубры жылі некалі з мамантамі, аднак у дзікай прыродзе ў пачатку двадцатага стагоддзя яны зусім звяліся. Дзякуючы намаганням вучоных у Белавежскай пушчы гэтых жывёл-волатаў адрадзілі. I не толькі тут зараз можна сустрэць зуброў, а і у іншых месцах Беларусі, бо іх ужо дзвесце статкаў-пасяленняў – звыш адной тысячы асобін. Зараз аднаўляюцца з небыліц тарпаны (дзікія коні).
Турысты, аматары прыроды, усе ахвотныя з вялікай цікавасцю наведваюць «Маёнтак беларускага Дзеда Мароза». Зусім лагічна, што ён размясціўся ў пушчы, поруч з чараўнікамі і загадкамі. Дзеці, дый дарослыя, па-ранейшаму вераць у казку, хочуць адчуць яе ўвасабленне, фантастычнае і рэальнае, але абавязкова шчаслівае, добрае, усім жаданае. Хто на гэта здольны сёння? Так, Дзед Мароз! Вось і рупіцца ён, каб у яго царстве ажыла і доўжылася казка. I гэтая казка паўстае перад наведвальнікамі як выток, як працяг таемнасці старадаўняга лесу, яго адметнай гісторыі і каларыту. Нас сустракаюць асілкі-стражнікі Дуб-Дубовіч і Вяз-Вязовіч. Яны, як і ўсе іншыя скульптуры, выраблены з вялікаўзроставых дрэў, якія многае бачылі на сваім вяку, таму ўжо самі нясуць здзіўляючую станоўчую энергетыку.
Маёнтак не малы – амаль 15 гектараў, і ўсе яны у адмысловым, вабным аздабленні: домікі з ажурнай разьбой ганкаў, фасадаў, дзвярэй, аканіц; скульптуры тутэйшых насельнікаў лесу падчас нейкага занятку; жывая навагодняя ёлка вышыней 40,5 м; Чороўны млын, што ператварае дрэнныя ўчынкі ў пыл ды пясок; палянка Дванадцаці месяцаў – своеасаблівы гараскоп на цэлы год; алея Усходняга календара з яго павер’ямі і прадсказаннямі. Усё гэта і іншае стварае скрозь атмасферу свята, светлай урачыстасці, добрага настрою.
Сам Дзед Мароз жыве тут круглы год, бо і цяпер вакол ягонага прыгажуна-палаца з драўлянымі калонамі прывабна, зелена, у прысадах – кветкі, а з коміна ўецца загадкавы дымок. Побач – церамок Снягуркі, Беласнежка і сем гномаў, крыху наводшыбе размясцілася Скарбонка, дзе захоўваюцца самы галоўныя каштоўнасці – пісьмы, малюнкі і падарункі дзяцей з усяго свету. Ля ўваходу ў маёнтак можна пакатацца на навагоднім цягнічку, набыць сувеніры або вырабіць іх сваімі рукамі ў Майстэрні Матухны Зімы, а яшчэ паласавіцца блінцамі, нацыянальнымі стравамі.