Навагрудчына. Свiцязь: кветка-цар цвiце на прадвеснi.

У даўнiя-даўнiя часiны на месцы, дзе зараз прасцiраецца возера Свiцязь, стаяў велiчны горад. Мiралюбiвы i гасцiнны, са сваiм працавiтым людам, рамеснымi майстэрнямi, гандлёвымi радамi. Гэта раздражала сквапных ворагаў, вабiла да тутэйшых багаццяў, i ўрэшце яны пайшлi сюды спусташальнай вайной. У невыносна цяжкай аблозе апынулiся жыхары – пераважна старыя, жанчыны i дзецi. I тады аднекуль з’явiўся чараўнiк, якi ўвачавiдкi ператварыў горад у суцэльнае возера, а людзей – у цудоуныя кветкi-цары на яго паверхнi, якiя расцвiтаюць кожную вясну. Ворагу тады недасталося нiчагусенькi… Такое адно з паданняў аб паходжаннi возера Свiцязь i ягонай назвы. Возера з вышынi сапраўды нагадвае блакiтную чашу ў атачэннi алешнiкаў, дуброў, ельнiку, арэшнiку. Назiраць-любавацца хараством парослых заток, пясчаных берагоў, лёгкiмi хвалямi, усплёскамi плотак i акунёў у раскошным трыснягу можна ў любую пару. Асаблiва летнiм надвячоркам, калi ацiхаюць сонечныя промнi за плячамi зялёнага бору, а наваколле густа засцiлаецца пульхнай коўдрай-туманам. Човен цалуе спакойную водную сiнь, недзе наводмеллi ў чаротах шваргочуць дзiкiя качкi, парпур небасхiлу палавее, затым шарэе, яго паступова паглынае цемната. А круглатвары бялявы месяц-юнак апускае свой яшчэ нясмелы погляд на азёрную глыб. Свiцязь дрэмле, спачывае… Так i хочацца зноўку ўзяць у рукi томiк Адама Мiцкевiча i атрымаць асалоду ад пранiклiвых радкоў ягоных балад «Свiцязь» i «Свiцязянка».

Хоць возера здаецца i невялiкае (даўжыня 1.7 км, найбольшая шырыня  1,6 км i глыбiня 15 м), аднак яно гiстарычна знакавае: тут, каля вёскi Валеўка, выяўлена стаянка позняга палеалiту, знойдзены наканечнiкi стрэл, мiкралiты, скрабкi, нуклеўсы i iнш. Частка знаходак адносiцца да свiдэрскай культуры (сярэдзiна 9 – пачатак 8 тясячагоддзя да н.э.). Ды i Навагрудак, што у 22 км ад Свiцязi, — горад шматлiкiх помнiкаў гiсторыi, культуры, дойлiдства – некалi быў сталiцай Вялiкага княства Лiтоўскага. У возеры ж водзяцца рэдкiя вiды рыб i раслiн, на яго ўзбярэжжы размешчаны пансiянат, мноства баз i зон адпачынку, а яшчэ – ландшафтны заказнiк «Свiцязянскi».

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.