Браслаўшчына. Край маляўнічых азёр і таямніц.
Азёр тут, паводле апошняга перапісу, больш як 310. Аж не верыцца, што ў адным рэгіёне можа быць столькі! Аднак факт неаспрэчны: Браслаўшчына – самая багатая на вадаёмы мясцовасць нашай краіны. З вышыні птушынага палёту яна выглядае так: азёры, балоты, лясы, сенажаці, паселішчы.
Самая вялікая колькасць вадаёмаў (50) размешчана ў басейне ракі Друць і мае агульную назву «Браслаўская группа азёр». Брывяты, Снуды, Струста, Воласа Паўднёвы, Недрава, Пцех і іншыя займаюць 130 кв.км. Усе азёры злучаны паміж сабой невялікімі рэкамі, ручаямі, канавамі і прытокамі.
Возера Дрывяты, што ў цэнтры раёна, займае па плошчы пятае месца ў Беларусі. Яго даўжыня – 9,9 км, найбольшая шырыня – 4,5 км і глыбіня – 12 м. Адметнасць у возера такая: да глыбіні 3-5 метраў ягонае дно выслана суцэльнымі пяскамі, сярод вады намытыя 6 астравоў, у пауднёвай частцы ёсць 3 вялікія залівы. Тут водзяцца рэдкія віды раслін: наяды гнуткая і малая, гідрыла кальчаковая; адзначана гнездаванне лебедзя-шыпуна, занесенага у Чырвоную кнігу.
Крыху менш па памерах возера Снуды (9-е месца у краіне): даўжыня – 8,8 км, найбольшыя шырыня – 4,9 км і глыбіня – 16,5 м. I тут сярод вады скрозь сустракаюцца водмелі і астравы, мелкаводдзе пясчанае, пясчана-камяністае, месцамі гліністае, празрыстасць вады дасягае 6,5 м. Узбярэжжа Снуды густа параслае чаротам і трыснягом – месцамі іх шырыня дасягае 300 м. А навокал – жывапісныя краявіды, чыстае паветра, некранутая прырода… Прыкладна гэтак жа выглядаюць і іншыя азёры. У іх водзяцца старажытныя і рэдкія віды жывёл і раслін, вядзецца рыбны промысел, у тым ліку вугра. Браслаўшчына – папулярнае месца для турызму і адпачынку. Яе гісторыя пачыналася у эпоху неаліту, а назва паходзіць ад імя полацкага князя Брачыслава Iзяслававіча. У 1995 годзе з мэтай захавання гэтага тыповага для беларускага Паазер’я прыроднага комплексу заснаваны Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры», яшчэ адзін айчынны брэнд і наш прыродны скарб.