Нацыянальны парк «Прыпяцкі».
Некранутая чалавекам прырода ў даліне ракі Прыпяць, унікальныя балоты і пойменныя дубровы, багатыя радовішчы – усё гэта дзіўны край Палесся, падобнага да якога няма ні толькі ў Еўропе, але і ў свеце.
У міжрэччы Прыпяці, Сцвігі і Убарці размешчаны адзін з 4 нацыянальных паркаў Беларусі – «Прыпяцкі». Пад асаблівай аховай знаходзіцца амаль 190 тысяч гектараў тэрыторыі, і больш за трэць займае абсалютны рэзерват дзікай прыроды.
Унікальны геаграфічны і гісторыка-культурны рэгіён на поўдні Беларусі размешчаны ў даліне сярэдняга цячэння Прыпяці. На вялізнай плошчы «беларускай Амазоніі» ў спрадвечным выглядзе захаваліся прыродныя сістэмы з багатым раслінным і жывёльным светам – вялікія балоты, шырокія поймы, дубровы, шыракалістыя лясы.
Прыпяцкае Палессе заслужана называюць «лёгкімі Еўропы», паколькі тут знаходзіцца буйнейшы лесабалотны комплекс кантынента, а менавіты балоты лепш за ўсё насычаюць паветра кіслародам. Пойменныя дубровы Прыпяцкага Палесся па структуры і фларыстычным складзе ўнікальныя для ўсёй Усходнееўрапейскай раўніны. Сёння ў Прыпяцкім Палессі створана цэлая сістэма асабліва ахоўных тэрыторый, дзе забаронена любая дзейнасць, якая можа нанесці шкоду прыродным комплексам. У яе ўваходзяць: Нацыянальны парк «Прыпяцкі», 25 заказнікаў рэспубліканскага і мясцовага значэння, 24 помнікі прыроды.
Ідэя стварэння балотнага запаведніка на Палессі выказвалася вучонымі яшчэ ў 20-30-я гады XX стагоддзя. Польскі акадэмік Уладзіслаў Шафер прапанаваў для гэтай мэты буйнейшы ў Еўропе і цудоўна захаваны Альманскі балотны масіў. Дзякуючы даследаванням унікальнай прыроды Палесся за некалькі дзесяцігоддзяў склалася навуковая база для стварэння запаведнай тэрыторыі. У чэрвені 1969 г. быў арганізаваны Прыпяцкі дзяржаўны ландшафтна-гідралагічны запаведнік, які з 1996 года пераўтвораны ў Нацыянальны парк «Прыпяцкі». У 1995 годзе пры запаведніку створана эксперыментальная лесагаспадарчая гаспадарка «Ляскавічы».
А ў 1998 годзе ў парку адкрыўся першы ў Беларусі Музей прыроды. У Нацыянальным парку сустракаецца 51 від млекакормячых: дзікі, алені, ласі, лані, зайцы, лісы, андатры, янотападобныя сабакі, бабры… У тым ліку і рэдкія віды: зубр, еўрапейская норка, еўрапейская рысь, барсук, садовая соня, соня-палчок, арэшнікавая соня.
Нацыянальны парк «Прыпяцкі» мае міжнародны статус ключавой арніталагічнай тэрыторыі. Яго насяляе 256 відаў птушак (79% арнітафаўны ўсёй краіны), з іх 65 відаў занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Пойма Прыпяці – буйнейшае міграцыйнае рэчышча пералётных птушак у Еўропе.
Рэкі і старадаўнія азёры парку насяляе 38 відаў рыб – судак, шчупак, мянтуз, жэрах, лешч…
Амаль 95% плошчы парку займаюць маляўнічыя лясы. У асноўным гэта хвойнікі і дубровы, ёсць таксама масівы бярозы, вольхі, ясеня, граба, асіны, сустракаюцца кляноўнікі, ліпнякі, дрэвападобныя вербнякі.
Флора прадстаўлена 929 відамі раслін, з якіх каля 45 занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі
У Нацыянальным парку «Прыпяцкі» працуе цудоўны Музей прыроды, дзе наглядна прадстаўлены ландшафты беларускага Палесся з яго жыхарамі ў розныя поры года, сабраны багатыя калекцыі экспанатаў капытных жывёл, насякомых, рэптылій і амфібій, гербарый рэдкіх раслін Беларусі.
Музей прыроды аб’ядноўвае некалькі залаў. Уводная экспазіцыя прысвечана ўнікальнасці прыродных комплексаў Палесся, гісторыі стварэння парку, асаблівасцям яго тэрыторыі.
На паўднёвым усходзе ад Нацыянальнага парку размешчаны Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік.